top of page

Назвы вуліц Браслава

Браслаў — адзін са старажытных паселішчаў Беларусі. Шмат розных падзей пабачыў ён. Тыя старажытнасці, што захаваліся па сённяшні дзень, могуць распавесці пра многае. Сярод іх — вуліцы, іх гісторыя забудовы і назвы.

Назвы вуліц, як і памяць пра адметных людзей, жывуць вечна, бо яны паказваюць як асаблівасці таго ці іншага паселішча, так і адметнасць, подых часу. У гэтым не цяжка пераканацца на прыкладзе назваў вуліц Браслава — ад старажытных часоў да нашых дзён.

З моманту ўзнікнення паселішча на Замкавай гары вуліц там, напэўна, не было. З цяжкасцю ўяўляецца іх наяўнасць, калі паглядзець на яе плошчу (2000 кв.м ). Забудова гарадзішча хутчэй мела хаатычны выгляд, хаця не выключаецца і яе прамалінейнасць уздоўж адной альбо некалькі ліній. З цягам часу, калі жыхары Браслава будаваліся ля падэшвы Замкавай гары, тэарэтычна магла ўтварыцца вуліца або некалькі вуліц і нават мець сваю назву.

Упершыню назвы вуліц, як і саму іх наяўнасць, дае інвентар Браслава 1554 г. У свой час даследчык гісторыі Браслаўшчыны О.Хедэман падлічыў і абагульніў колькасць дамоў на кожнай з прыведзеных у інвентары вуліц. У “Гісторыі Браслаўскага павета” ён адзначае: “ У Браславе вылучалася 5 вуліц: 1) ад возера Навята ў тыле вуліцы Вялікай — дамоў жылых 11; 2) вуліца Вялікая над возерам Дрывяты па аднаму баку дамоў — 38, па другому — 27; 3) у тыле царквы рускай дамоў — 7; 4) рынак дамоў — 19; 5) у тыле касцёла над Навятамі дамоў — 5 ”. Інвентар усяго называе 110 дамоў, з улікам тых, што існавалі на Замкавай гары. З гэтага даку мента становіцца зразумелым, што вуліца Вялі кая была сапраўды вялікай, і ў XVI ст. выконвала ролю стрыжнявой магістралі. З дапамогай іншых крыніц і ўспамінаў старажылаў яе можна з упэўненасцю лакалізаваць у сучасную вул.Ленінскую. На жаль, інвентар не дае іншых назваў. Бачна, што ўсе вуліцы злучаліся з Вялікай і адыходзілі ў бок возера Навята і ляжалі каля царквы і касцёла, якія ў сваю чаргу знаходзіліся каля Замкавай гары. Згодна традыцыі, рынак заўсёды знаходзіўся каля культавых пабудоў і выконваў ролю цэнтра. Таму можна дапусціць, што ў сярэдзіне XVI ст. рынак у Браславе быў побач з касцёлам і царквой.

Амаль праз стагоддзе, у 1649 г. наступны інвентар налічвае 119 дамоў. Называюцца вуліцы Іказненская, Радская, без назвы над возерам Навята і плошча Рынак. Не называецца Вялікая, але наўрад вуліца магла знікнуць. Хутчэй, яна змяніла назву, ці памылкова была не ўпісана ў інвентар (ёсць жа вуліца без назвы!). Дарэчы, апошняя мела найбольшую колькасць дамоў — 47. Так як азёры Дрывяты і Навята знаходзіліся побач адно з другім, а з сярэдзіны XVI ст. вядома месцапалажэнне вуліцы Вялікай, то з доляй упэўненасці можна дапусціць, што вуліца без назвы над возерам Навята і ёсць былая Вялікая.

41 дом мела вуліца Радская. Яе назва магла ўзнікнуць ад слова Рада. Малаверагоднае тлумачэнне на гэты конт прыводзіць О.Хедэман, які звязвае назву вуліцы з мясцовасцю “Радскі Мост”. Гэта ні што іншае, як зараз добра вядомы мост праз р.Рака, што па дарозе на Відзы.

Інвентар 1649 г. называе 19 дамоў на Рынку і 12 на вуліцы Іказненскай. Назва Іказненская добра стасуецца з тагачасным месцам і замкам Іказнь і вуліца, напэўна, мела накірунак у бок згаданага месца.

Назвы вуліц Браслава можна знайсці і ў дакументах канца XVIII ст. Адзін з іх, дзе яны найбольш прадстаўлены, — люстрацыя інвентара Браслаўскага староства 1789 года. У люстрацыі пералічаны вуліцы Вялікая, Новы Свет, Станіслаўская, Замкавая, Старамесцкая, раёны і плошчы — Старое Месца (па іншаму Пяскі), Замкавая гара, Ратушная плошча. Зноў называецца вуліца Вялікая. Можна выказаць меркаванне, што вуліца Старамесцкая і існаванне раёна з такой назвай, лакалізуюць іх да месца першапачатковай забудовы Браслава — да Замкавай гары. У процівагу Старому Месцу, вуліца Новы Свет магла быць закладзена на ўскрайку тагачаснага Браслава. Вуліцу Замкавую можна з упэўненасцю прывязаць да Замкавай гары, а паходжанне назвы Станіслаўская можна аднесці да асобы караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Шмат пытанняў ёсць да існавання назвы Ратушная плошча. Як правіла, месца ў гарадах, дзе размяшчалася Ратуша заўсёды лічылі цэнтрам. Невядома, ці існавала ў Браславе класічная пабудова — Ратуша. Ратушай мог быць просты дом, дзе збіралася кіраўніцтва горада на свае нарады і, канешне, жыхары маглі назваць тое месца Ратушнай плошчай. Магчыма, назва ўтварылася згодна традыцыі, што кожны магдэбургскі горад згодна дзяр­жаўных законаў павінен мець Ратушу. У Браславе гэта месца можна лакалізаваць да тэрыторыі побач з касцёлам і царквой.

Пры аналізе назваў вуліц канца XVIII ст. бачна імкненне жыхароў невялічкага гарадка мець у сябе назвы вуліц як у буйных цэнтрах. Якраз гэта і паказвае нейкую камічнасць сітуацыі.

Дакументы і друкаваныя крыніцы ХІХ ст. — матэрыялы даследванняў, статыстычная літаратура, падарожныя нататкі знаёмяць толькі са станам адной вуліцы. У 1794 г. мястэчка моцна пацярпела ад пажараў і на плане 1814 г. паказана толькі адна вуліца. На жаль, складальнік нідзе не пазначыў яе назвы. Ішла яна ўздоўж возера Дрывяты, побач з Замкавай гарой.

Інвентар 1856 г. налічвае ў Браславе толькі 36 пляцаў і таму, напэўна, адпадае магчымасць знайсці ў тагачасным горадзе шмат вуліц. Іх проста не было. Да канца стагоддзя паселішча будуецца, але як і ў яго пачатку крыніцы не ўтрымліваюць ніводнай назвы вуліцы.

У пачатку ХХ ст. з ростам насельніцтва у Браславе ізноў пачалі фармавацца вуліцы. Гэта вынікае з тагачасных картаграфічных матэрыялаў. Яны невялікімі «адросткамі» адыходзілі ад самай старажытнай вуліцы, займалі тэрыторыю заходней Замкавай гары, ішлі па пясчанаму пагорку, дзе зараз знаходзіцца кірмаш і навакольная ад яго забудова. Ізноў, як стагоддзе назад, прыходзіцца канстатаваць, што назвы гэтых вуліц, акрамя Вялікай, пакуль невядомы.

Наступныя звесткі аб назвах вуліц мястэчка прыводзяць дакументы Браслаўскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ў 1918-19 гг. Узгадваюцца: вуліца Садовая, якая адыходзіла ад плошчы; плошча ў сваю чаргу знаходзілася перад касцёлам, насупраць будынка ВРК (сучасны будынак станцыі тэхабслугоўвання аўтамабіляў). На вуліцы ў гэты смутны час размяшчаўся рэвалюцыйны клуб, які насіў імя К.Лібкнехта. Вуліца Садовая, напэўна, злучалася з Нарбутаўскай і Дзвінскай. Можна меркаваць, што Садовай звалася альбо былая Вялікая (сучасная Ленінская), альбо з’явіўшаяся вуліца каля возера Навяты (сучасная Савецкая). Дакладна вядома, дзе знаходзілася вуліца Нарбутаўская. Яна ішла побач з лячэбніцай (сучасная Кірава). Унікальны выпадак — такую назву вуліца атрымала ў гонар і пры жыцці доктара С.Нарбута (памёр у 1926 г.). Вуліцу Дзвінскую на той час лакалізаваць не прадстаўляецца магчымым.

Значна прасцей узнавіць карціну назваў вуліц Браслава часоў Заходняй Беларусі. У гэтым дапамагаюць: па-першае, успаміны старажылаў горада, па-другое, некаторыя друкаваныя крыніцы.

У 20-30-я гады, Браслаў налічваў згодна перапісаў 1921-га і 1931-га гадоў адпаведна 1587 і 3099 жыхароў. Большасць насельніцтва складалі яўрэі. Акрамя іх жылі палякі, беларусы. У мястэчку налічвалася каля дзесятка вуліц. Асноўная забудова пачала вясціся ад Замкавай гары. Галоўнай местачковай магістраллю, якая цягнулася з захада на ўсход, з’яўлялася вуліца імя Пілсудскага(Piłsudskiego), названая ў гонар знакамітага палітычнага дзеяча Польшчы. Гэта былая Вялікая, сучасная Ленінская. Многія дамы, а на вуліцы ў асноўным жылі яўрэі, выглядалі бедна, у некаторых былі размешчаны лаўкі.

Яшчэ адна значная вуліца мястэчка была названа ў гонар Канстытуцыі 3-га Мая (3-go Maj). Яна пачыналася каля касцёла, ішла ўздоўж падэшвы гарадзішча па беразе возера Навята і вяла да новага будынка староства, якое размясцілася ў раёне новай забудовы “домкі”. Трэба адзначыць, што вуліцы з такімі назвамі (імя Пілсудскага і 3-га Мая) былі амаль у кожным горадзе і нават у невялічкіх мястэчках, такіх як Браслаў.

Як ужо адзначалася, вуліца якая ішла ад Замкавай гары каля лячэбніцы да раскрыжавання 3-га Мая і Чыгуначнай, насіла імя доктара С.Нарбута (Narbutowska). Ад яе адыходзіў завулак з такой жа назвай. На ўскраек мястэчка, да чыгуначнай станцыі вяла Чыгуначная (Kolejowa), сучасная Дзяржынская. Да могілак вяла вуліца з аднайменнай назвай (Cmentarna), сучасная 1-га Мая. Яшчэ адна вуліца ішла ў бок Замкавай гары. Гэта вуліца Паштовая (Pocztowa), па іншых звестках Рынкавая (Rynkowa). Пазней вуліцу перайменавалі ў вуліцу Т.Галуўкі — польскага палітычнага дзеяча, які ў сваёй дзейнасці імкнуўся да стварэння Вялікай Польшчы і быў трагічна забіты ў 1931 г. Сёння вуліца носіць імя Энгельса. Акрамя пералічаных, былі вуліцы імя Піроцкага (Pirockiego), Спартыўная (Sportowa), Пясчаная (Piaskowa), Воўчая (Wilzcha), Горная (Górna).

У пасляваенны час у сувязі са шпаркім ростам горада ўзнікла шмат новых вуліц. Пачалася забудова новых раёнаў Браслава. На сённяшні дзень налічваецца звыш 130 вуліц і завулкаў. Назвы можна падзяліць на некалькі катэгорый у залежнасці ад чаго яны ўзніклі, каго і што ўвекавечваюць. Значную групу складаюць назвы, утвораныя ад тапанімічных і прыродных асаблівасцей паселішча. Напрыклад, Дрывяцкая, Замкавая, Садовая, Азёрная, Набярэжная. Гэта група складае чвэрць вуліц ад агульнай колькасці. Шмат вуліц у горадзе ўвекавечваюць асобных палітычных дзеячоў СССР, міжнароднага камуністычнага руху, ваенаначальнікаў: вуліцы Энгельса і Маркса, Лібкнехта, Кірава, Куйбышава, Фрунзе. Шэраг вуліц маюць назвы “герояў” былой СССР: Будзённага, Варашылава, Дзяржынскага, Жданава. А ўсяго браслаўскія вуліцы ўшаноўваюць 12 палітычных асоб. Абавязковую прыналежнасць для кожнага населенага пункта ў пасляваенны час набылі назвы ідэалагічнага накірунку — Камсамольская, 1-га Мая, Кастрычніка, Піянерская. Выключэннем не стаў і Браслаў. Прычым, вуліцы з такімі назвамі амаль усюды з’яўляюцца цэнтральнымі. Значная колькасць вуліц у горадзе, якія носяць імёны пісьменнікаў, грамадскіх дзеячоў, кампазітараў. Аднак, вось што назіраецца ў гэтай катэгорыі. Нямнога назваў увекавечваюць славутых сыноў Беларусі — Ф.Скарыну, Я.Купалу і Я.Коласа, М.Багдановіча, Т.Касцюшку. Пераважная большасць назваў ушаноўваюць рускіх і савецкіх пісьменнікаў і паэтаў — Маякоўскага, Беднага, Някрасава, Гогаля, Лермантава. Дарэчы, яшчэ адна акалічнасць. Вуліцы з такімі назвамі даволі кампактна знаходзяцца ў раёне забудовы каля вул.Юбілейнай.


Фрагмент забудовы архiтэктара Ю.Клоса. Зараз вул.К.Лiбкнехта (будынак РАУС).
Вулiца Савецкая. Зараз на гэтым месцы рэстаран "Азёрны".

Вулiца Ленiна. Былы будынак польскага таварыства "Rolnik". Зараз - "Braslav Lakes Hotel"


Яшчэ адна катэгорыя — вуліцы, якім нададзены імёны герояў грамадзянскай і Вялікай Айчыннай вайны. Толькі тры вуліцы названы ў гонар партызан і падпольшчыкаў, звязаных з гісторыяй Браслаўшчыны — вуліцы Булойчыка, Юрэнкі і братоў Васілеўскіх. Астатнія назвы звязаны з ваеннай гісторыяй СССР (вуліцы Жукава, Матросава, Шчорса, Катоўскага). Ёсць і такая катэгорыя — вуліцы, назвы якіх звязаны з вытворчай сферай. Звычайна яны праходзяць побач з прамысловай зонай і нясуць у назве звесткі пра занятак людзей — вуліцы Энергетыкаў, Заводская, Бу­даўнікоў, Рыбгасная, Цагельная.

Як бачна, у Браславе маецца шырокі спектр назваў вуліц, якія перадаюць разнабаковыя старонкі нашага жыцця. На жаль, стан назваў малагістарычны, не да канца адпавядае старажытнасці і прыроднай адметнасці Браслава. У 1992 г. гістарычна-краязнаўчы музей выступіў з прапановамі перайменавання некаторых вуліц горада, і ў далейшым, пры наданні новых назваў прытрымлівацца тых, якія адпавядаюць гісторыі Браслава. Прапанова зводзілася да аднаўлення гістарычных назваў (вуліцы Вялікая, Нарбутоўская, Чыгуначная, Паштовая), змены найбольш няўдалых (Савецкая, Гагарына, Будзённага, Варашылава). Праўда, у перыяд 1993-94 гг. з’явіліся вуліцы: братоў Васілеўскіх, Муражская, А.Міцкевіча, П.Сергіевіча.

Думаецца, час усё расставіць па месцах. Горад набудзе ў назвах вуліц сапраўдную адметнасць. Унікальныя мікратапонімы нашага краю, славутыя людзі і яркія падзеі ўвойдуць у наша жыццё — жыццё старажытнага горада з амаль векавой гісторыяй.


Автор блога
Рекомендовано для чтения
Поиск по тэгам
Тегов пока нет.
Следите за "Прямым эфиром"
  • Facebook Basic Black
  • Twitter Basic Black
  • Google+ Basic Black
bottom of page